2 April 1942, Ivan Mielež | Wir.by

2 April 1942

Ivan Mielež

Ivan Mielež

Надвор'е ўсе гэтыя дні жахлівае. Хмарнае, панылае неба. Гразь на вуліцах. Вецер, ад якога калоціць, які пранізвае, як казаў нехта сёння, да касцей. Вось такі ж i настрой. Атрымаў, нарэшце, кароткі ліст ад Паўла. Адкуль піша, як жыве – нічога невядома. Прасіў адно рэкамендацыю ў партыю. Напісаў i паслаў. У гэтым чалавеку я ўпэўнены так, як у сабе. Гэты сціплы, ціхі хлопец – вельмі сумленны, вытрыманы. Моцны чалавек. Недарма я яго паважаю. З Масквы па-ранейшаму нічога не пішуць. Можа, ад гэтага тая гарката, што шчыміць у сэрцы. З дому таксама нічога не чуваць. Дзіўна, раней на фронце аб гэтым я мала думаў, а цяпер гэта проста нясцерпна. Ноччу сніцца тое, аб чым думалася ўдзень... Нічога невядома. Самае дарагое мне – цёмнае, як асенняя ноч. Я напісаў Яўц. Паўл. аб тым, каб ён паспрабаваў праз эвакуацыйнае бюро даведацца, дзе сем'і Бельскага, Касабуцкага. Я амаль упэўнены, што яны на савецкай тэрыторыі.

Ужо пачынае стварацца «чамаданны настрой». Красніцкі чытаў прыкладныя пытанні на экзаменах. Хутка май, хутка зноў фронт.

Павел пісаў, добра было б, каб я зноў вярнуўся ў свой полк. Так, гэта было б цудоўна. Пакуль невядома, што чакае наперадзе. Толькі надзеі салодкія, сумныя, трывожныя...

Цяжка з дысцыплінай. Асабліва Гаркуноў – лаецца трохпавярховым матам, самавольна ўцякае з заняткаў. Штодзень пра яго пішуць «баявыя лісткі», газеты. На яго гэта мала дзейнічае. Ён, вядома, выключэнне, a такіх, як Сахно, многа. Сахно – добры, дысцыплінаваны курсант, але расхлябанасць нейкая адчуваецца i ў яго, ва ўчынках, у рабоце. Неяк у гутарцы ён мне сказаў: «Чорт пабяры, калі мы тут не павесялімся трохі, то што на фронце». Ён сказаў шчыра, як заўсёды. Мне здаецца, што няхай многія пра гэта не кажуць, але яны таксама так думаюць. Хочацца адпачыць маральна, фізічна. Вось таму цяжка падцягнуць.

Учора я з цікавасцю назіраў, як Надзялюеў нешта вылічваў на паперы. Яго арыфметыка мяне зацікавіла. Аказалася, ён вылічваў, колькі да канца года вайны. Вылічыў – 80 дзён. Праз 80 дзён будзе гадавіна вайны! Колькі змен прынёс гэты год! Колькі нарадзіў ён у сэрцах людзей нянавісці да нахлынуўшых зграй. Колькі чыстай нашай крыві ён увабраў, колькі слёз. Гэты год доўга будзе палохаць сваім страшным прывідам людзей, якія да таго часу змятуць банду.

Шчаслівы той, хто не будзе ведаць гэтага кашмару.