27 December 1993
Vasil Bykaŭ
Але яшчэ трохі раней, у сакавіку, адбылося здарэньне, якое так шмат значыла ў нашым лёсе. Я маю на ўвазе сьмерць Сталіна. Якраз у нас былі заняткі па артылерыі, якія вёў наш любімы выкладчык – матэматык, падпалкоўнік Емяльянаў. Нехта яго паклікаў у калідор. Хутка вярнуўшыся, падпалкоўнік з каменным тварам аб’явіў:
«Памёр таварыш Сталін. Устаць!». Усе ўсталі, моўчкі ўзіраючыся ў барадаты твар падпалкоўніка, і я сказаў сабе ў думках: «Слава табе, Госпадзі». Усе, аднак, тую навіну выслухалі моўчкі, ніхто не заплакаў. Былі абыякава-стрыманыя і пасьля на перапынку. Пачаліся траўрныя пастраеньні, мітынгі, палымяна-жалобныя прамовы палітначальства ды яго падбрэхачаў. Курсанты-афіцэры маўчалі. Мы адчувалі, што нешта павінна зьмяніцца, і прагнулі, каб зьмянілася ў лепшы бок. У горшы ўжо не было куды.
(з успамінаў)