19 February 1982
Uładzimir Karatkievič
Сімфонія працы. На вуліцы нешта раве, на сходах беляць, на вуліцы нешта чахкае. У паскораным тэмпе, каб сагрэцца, бо на вуліцы –11,5℃. Роў, чахканне. «Не завіце маю рэспубліку… краем фабрык дымных і машын». Абяцанае Грышава эсэ не пішацца, бо баліць галава, а не п’ю сто год. Ідылія. «Мароз і сонца». І грукат.
Дачытваю аднатомнік Паўстоўскага. Толькі адзін ён у мяне і ёсць. Сорак шосты год. Ведаючы абставіны эпохі і жыцця – страшна. Бо гэта і мой час. Не мог чалавек пісаць аб тым, аб чым фанфарылі. А не пісаць пісьменніку нельга. І як ён пакутна выкручваўся ў той жа «Калхідзе» і «Кара-Бугазе» (і ўсё ж выкруціўся, бо гэта магчыма чытаць і зараз, а тысячы кніг балбатня, горш чым утыль, сённяшнія ваніты, да якіх заўтра нікому не будзе справы, хіба што падцерці за імі), таленавіта выкручваўся, хаця і цаной кровападцёкаў, калі абзывае дачнікам чалавека шырокага і цікавага, і вешае С[таліна] і Калумба на адну сценку. І ўсё каб мець магчымасць напісаць «Мещорскую сторону». У апошнія гады толькі пазбавіўся ад клейны «рамантыка» (што, маўляў, ад яго сур’ёзнага патрабаваць) і змог пісаць больш-менш тое, што хацеў. Але ці не запозна было? Бо вымушан быў засалоджваць манеру, бо адзінай яго апорай, акрамя чыстага юнацтва, былі незадаволеныя жыццём і ўплывовымі мужамі пані, якія, мабыць, і зрабілі, што яго не з’елі да канца. Бо мы, якія адчувалі яго сэрцам, – што мы маглі? Мы, якія і самі бываем часамі кумірамі пань, каб часам гаварыць жорстка… Пісалі «мы скажем автору спасибо за то, что им воспета рыба», і заклікалі, што ці не час вярнуцца да людзей. А ён і яшчэ пара такіх толькі і былі з людзьмі. 43–44 гг. памечаны «Стары човен», «Снег», «Дажджлівы світанак», «Тэлеграма». Пісаць пра вайну ён не ўмеў, ды так, як піша В. Быкаў, яму б і не далі. Але ён ужо тады разумеў, што самы час пачынаць ратаваць людзей ад азвярэння, нагадваць ім, што свет не толькі рукапашная, што яна толькі непажаданы, брыдкі спосаб абараніць сады і лясы нашы. Адзін ён нагадаў, што «паміраць збірайся, а жыта сей».