18 October 1942, Ivan Mielež | Wir.by

18 October 1942

Ivan Mielež

Ivan Mielež

Жыву ў гасцініцы. Гасцініца — як параўнаць з іншымі — вялікі будынак у самым цэнтры, на два паверхі. Мой пакой — на другім паверсе з відам на плошчу. Пакой — вялікі, шэсць ложкаў. Народ усё, як належыць, часовы. Прыязджаюць, ад'язджаюць. Амаль кожны дзень мяняецца насельніцтва i ў нашым пакоі. Больш за ўсё, здаецца, прыязджаюць, каб наведаць цэнтральнае бюро даведак па эвакуіраваных. Шукаюць сваякоў, знаёмых. Шукаюць сваё месца на зямлі, дзе вайна ўсё разбурыла, ператасавала.

Знаходзяць нямногія. Нямногія ад'язджаюць шчаслівыя. Гэта i ў мяне выклікае трывожнае прадчуванне... Зрэшты, не ўсе ад'язджаюць. Ёсць i ў маім пакоі такія, што заселі ў гэтым горадзе, нікуды не збіраючыся. Я быццам бы чытаю на ix тварах: куды нам ехаць?

Дзе нас чакаюць?

У пакоі няўтульна i холадна. За акном дождж, маркотнае неба.

Але я цешу сябе надзеяй. Можа быць, мне ўсё ж пашанцуе.