27 August 1982, Uładzimir Karatkievič | Wir.by

27 August 1982

Uładzimir Karatkievič

Uładzimir Karatkievič

19℃. Сонца і дымка над горадам. Працую. Вечарам прачытаў артыкул У. Паўлава, хлопца, якога ўвогуле паважаю, пра Польшчу. Артыкул брыдкі. Дагэтуль бачыў Польшчу з акна вагона, а тут за тыдзень зразумеў усе працэсы, якія ў ёй адбываюцца (чаго, па-мойму, самі палякі не разумеюць), і вяршыць над імі суд. Суд — як у кепскай перадавіцы. І самае кепскае, калі перадавіца пішацца не звычайнай мовай перадавіцы, а са спробай рабіць гэта «па-мастацку». Не ведаючы працэсаў, не ведаючы людзей, не ведаючы складаных, нават трагічных абставін, ставячы знак роўнасці паміж АК — Варшаўскім паўстаннем — Салідарнасцю — Кос — КОР, называючы імёны кепскіх пісьменнікаў, якія прымкнулі да «Салідарнасці», і не менш кепскіх і невядомых, якія засталіся на цвёрдых пазіцыях. Нельга пісаць пра краіну і людзей так кепска і мала ведаючы пра яе, яе культуру і гісторыю гэтай культуры. Не пахадзіўшы па старых палацах і не папрацаваўшы, не пазнаёміўшыся з людзьмі, якім напляваць на палітычныя інтрыгі і казнакрадства і якія працуюць на Польшчу і Чалавецтва; не пастаяўшы ў чэргах і не пагаварыўшы з людзьмі ў піўной аб іх жыцці. Дзіка!..

У 10 г. ездзіў апазнаваць пярсцёнак, які Мірак [Адамчык] заўважыў у чалавека на вуліцы (яго затрымалі). Апазнаў. Мой МК. ад Нуну. Як даўно гэта было.