Палескі гласарый. Частка 2 | Wir.by
Другая частка палескага гласарыя – працяг нашай спробы зразумець гэты таямнічы рэгіён, дзе куст – гэта дзяўчына, а дзевачка – камень, дзе проста пад нагамі можна напаткаць скарбы гісторыі і прыроды, а над галавой пачуць голас птушынага цара.
Палескі гласарый. Частка 2

Палескі гласарый. Частка 2

Ваджэнне куста

Архаічны абрад, уласцівы толькі тэрыторыі былога Турава-Пінскага княства. Куст (менавіта ў мужчынскім родзе) – гэта прыбраная з ног да галавы – «коб не выдно було» – галінкамі клёну дзяўчына. Кустом яна завецца зусім не па знешнім падабенстве (паляшук хутчэй скажа «корч» ці «карчы»), куст – гэта род, сям’я. Прыбраная «Кустом» дзяўчына на працягу ўсяго абраду застаецца маўклівай, бо належыць не свету жывых, а свету продкаў. Такі сабе палескі Midsommar, толькі адзначаецца не ў час сонцастаяння, а раней – пасля Сёмухі. Як і іншыя святы гэтага цыклу – выключна жаночая справа. «Дзявочае войска» наведвае кожны двор у вёсцы, спяваючы хвалу гаспадарам і просячы пачастунку – падобна да калядоўшчыкаў ці валачобнікаў.

Заходнепалеская мікрамова

У беларускай мове вылучаюць два дыялекты: паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні. Заходнепалескія гаворкі ў апошні не ўваходзяць – гэта асобная група: тут вы не пачуеце прывычнага дзекання, цекання і акання, а некаторыя рысы не ўласцівыя ані беларускай, ані ўкраінскай мовам. Таксама ўжываюцца назвы «брэсцка-пінскія гаворкі» і «загародскія гаворкі» – па назве раўніны.

Мікрамова – тэрмін славянскага мовазнаўства, які ўжываецца ў дачыненні да дыялектаў, на якіх створаны літаратурныя творы. Заходнепалескія рысы ў пісьмовых помніках фіксуюцца ледзь не з XVI стагоддзя, але найранейшы захаваны да нашых часоў твор – верш лекара і дэмакрата Франца Савіча «Там блізко Пиньска» (аўтар, дарэчы, меў варты баёпіка лёс і стаў прататыпам персанажа апавядання «Душа не ў сваім целе» Яна Баршчэўскага). Палескі буквар быў выдадзены яшчэ ў 1906 годзе. З больш грунтоўнага па-заходнепалеску можна пачытаць, напрыклад, «Новы запавет» у перакладзе Фёдара Клімчука і зборнік прозы Аляксея Дзікавіцкага «Оньдэ» (2021).

Каменныя дзевачкі

Унікальная традыцыя, абмежаваная Лельчыцкім раёнам (вёскі Данілевічы і Баравое). Цалкам жаночая гісторыя: невялічкі каменны крыж, які быццам расце з зямлі – гэта не крыж, а дзяўчынка, абернутая ў камень неасцярожнымі словамі маці. Займаюцца падтрыманнем традыцыі шанавання камянёў таксама выключна жанчыны. Ставяцца да «дзевачкі» як да жывой: пра яе клапоцяцца, яе апранаюць у фартушкі, хусткі і стужкі, ёй прыносяць падарункі – пацеркі, цукеркі, часам грошы, ёй спяваюць і ёй давяраюць таямніцы.

Перад Вялікаднем старыя ахвяраванні спальваюць. У адрозненне ад іншых каменных крыжоў, якія, хутчэй за ўсё, проста «перакваліфікаваліся» з паганскіх святынь у хрысціянскія і сталі аб’ектамі паломніцтва, каменныя дзевачкі ў першую чаргу сімвалічны напамін пра патрэбу кожнай жывой душы ў спагадзе і дараванні.

Саламяныя царскія брамы

Такога няма нідзе – па-за Беларуссю, а дакладней Драгічынскім і Кобрынскім раёнамі, падобных выпадкаў прымянення саломкі для манументальна-дэкаратыўных твораў, а не прадметаў побыту ці ўпрыгажэнняў, знайсці немагчыма.

Палешукі пачалі аздабляць царкоўныя інтэр’еры «беларускім золатам» напрыканцы XVIII стагоддзя. Да нашага часу захаваліся тры брамы пачатку ХІХ стагоддзя: дзве з іх можна ўбачыць у Нацыянальным мастацкім музеі, адну – у Гродне. Вышынёй яны больш за два метры і нагадваюць тонкія залатыя карункі.

Сон-трава

«Сон» выглядае вельмі прывабна: ліловыя званочкі на пушыстай сцябліне, але чапаць яго не рэкамендуецца – першацвет занесены ў Чырвоную кнігу. Навуковая назва – прастрэл шыракалісты (лац. Pulsatilla patens) ці больш паэтычна – сон раскрыты. Згодна з павер’ямі, пакладзеная пад падушку, гэта кветка сапраўды дапамагала раскрываць значэнне сноў. З аднаго боку, расліна небяспечная, бо мае снатворныя ўласцівасці і магла выкарыстоўвацца для злых чараў. З іншага боку, на Тураўшчыне яе звалі «Божай Мацеры сон» – але пад гэтай назвай маглі хавацца і іншыя расліны. Яшчэ адна магчымая матывацыя назвы – анемоны, да якіх адносіцца і прастрэл, на ноч апускаюць кветкі долу, нібы схіляюць галоўкі, заснуўшы.

Tрылінка

Рэха міжваенных часоў, якое можна пачуць пад коламі ўласнага аўтамабіля, калі выправіцца на Заходняе Палессе. Шасцігранная дарожная плітка, названая па прозвішчы вынаходніка – інжынера Уладзіслава Трылінскага, выраблялася ў Брэсце і Пінску. Найбольшы захаваны ўчастак – пяць кіламетраў шашы пад Пінскам.

Удод

Цар-птушка, якую лёгка пазнаць па яркім аранжавым апярэнні і «кароне» – вялікім чорна-белым чубе. Згодна з міфам, удод быў пакараны за амбітнасць: хацеў быць не проста царом, а птушыным богам, таму і носіць карону як напамін – ведай сваё месца, а да таго ж смярдзіць (хваставыя залозы ўдодаў сапраўды вырабляюць вадкасць з рэзкім пахам – гэта абарончы механізм). Крык удода – яшчэ адно папярэджанне: гучыць амаль як «Худа тут, худа тут!» Карацей, птушка, якая цэніць асабістую прастору – як і кожны паляшук. Сустрэць удода можна не толькі на Палессі, але тут від найбольш распаўсюджаны. Ехаць на поўдзень варта і дзеля такіх рэдкіх крылатых гасцей, як белая сініца і вялікі арлец, – іх вы дакладна больш нідзе ў Беларусі не ўбачыце.